На сайт МЧС

Віншаванне начальніка Дзяржчарнобыля С.Г.Шпарло з Днём беларускай навукі

1120

Паважаныя работнікі ўстаноў, якія ажыццяўляюць навуковую дзейнасць у галіне пераадолення наступстваў чарнобыльскай катастрофы! Паважаныя навукоўцы!

Ад імя калектыву Дэпартамента па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам – Днём беларускай навукі! Жадаю вам дасягненняў у прафесійнай дзейнасці, поспехаў у значных адкрыццях, наватарскіх ідэй у распрацоўках і даследаваннях на карысць нашай Радзімы!

Цяжка пераацаніць ролю навукі ў вырашэнні чарнобыльскіх праблем. У аснове ўсіх мерапрыемстваў па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС былі і застаюцца рэкамендацыі навукоўцаў. У гэтым плане Рэспубліка Беларусь назапасіла ўнікальны вопыт вырашэння задачы глабальнага маштабу.

З першых дзён пасля катастрофы навукоўцы нашай краіны пачалі маштабныя даследаванні, быў мабілізаваны ўвесь інтэлектуальны патэнцыял – у другой палове 80-х гадоў у БССР былі аператыўна створаны спецыялізаваныя навуковыя ўстановы: Інстытут радыёбіялогіі і Інстытут радыёэкалагічных праблем Акадэміі навук Беларускай ССР, навукова-даследчы клінічны інстытут радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі Міністэрства аховы здароўя (г. Мінск) і яго Віцебскі, Гомельскі і Магілёўскі філіялы, Беларускі навукова-даследчы інстытут сельскагаспадарчай радыялогіі (г. Гомель) Мінсельгасхарча, ператвораны пазней у Рэспубліканскае навукова-даследчае ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут радыялогіі» МНС Рэспублікі Беларусь. Да вырашэння праблем падключыліся практычна ўсе навуковыя ўстановы і вышэйшыя навучальныя ўстановы: Інстытут ядзернай энергетыкі, Беларускі навукова-даследчы інстытут глебазнаўства і аграхіміі Акадэміі навук, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і многія іншыя.

Сёння ўнікальная навукова-практычная школа ўключае установы і прадпрыемствы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (Інстытут радыёбіялогіі, Інстытут глебазнаўства і аграхіміі, Навукова-практычны цэнтр па біярэсурсах, Інстытут лесу), Міністэрства лясной гаспадаркі (Дзяржаўная ўстанова па абароне і маніторынгу лесу «Беллесахова»), Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (Дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя»), Міністэрства аховы здароўя (Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Навукова-практычны цэнтр гігіены») і інш.

Асноўным прыярытэтам навуковых даследаванняў з’яўляецца распрацоўка навукова абгрунтаванай стратэгіі дзяржаўнай палітыкі ў аддалены постчарнобыльскі перыяд, рашэнне прыкладных задач радыяцыйнай абароны і медыцынскага забеспячэння пацярпелага насельніцтва, аптымізацыя прыродакарыстання на тэрыторыі радыёактыўнага забруджвання.

Шырока ўкараняюцца ў практыку (ад рэспубліканскага ўзроўню да канкрэтнай гаспадаркі) адрасныя ахоўныя мерапрыемствы, рэкамендацыі, праграмы. Дзякуючы распрацоўкам навукоўцаў у галіне рэабілітацыі забруджаных тэрыторый забяспечана вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, якая адпавядае жорсткім нарматыўным патрабаванням. Паступленне радыёактыўнага цэзія ў прадукцыю сельскай гаспадаркі за пасляаварыйны перыяд знізілася да двух дзясяткаў разоў. Палова гэтага зніжэння – вынік укаранення навуковых распрацовак. Забяспечана эфектыўнае правядзенне лесагаспадарчых мерапрыемстваў, створаны ўмовы бяспечнай жыццядзейнасці насельніцтва на пацярпелых тэрыторыях. Асвоена прамысловая вытворчасць сучасных прыбораў для выяўлення і вымярэння іанізуючых выпраменьванняў, кантролю радыёактыўнага забруджвання.

Атрыманыя вынікі дазволілі палепшыць медыцынскае забеспячэнне пацярпелага насельніцтва, укараніць найбольш эфектыўныя метады прафілактыкі, лячэння, рэабілітацыі. Створаны ўніфікаваныя пратаколы аказання медыцынскай дапамогі ліквідатарам, дарослым і дзецям, пацярпелым ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Распрацаваны ўнікальныя метады лячэння хворых на рак шчытападобнай залозы.

Праводзяцца даследаванні, накіраваныя на ўстанаўленне фундаментальных механізмаў уздзеяння радыяцыі на расліны, жывёл і чалавека, прагназаванне аддаленых наступстваў катастрофы.

Аб’ектам павышанай увагі з’яўляецца тэрыторыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Гэта ўнікальная натуральная лабараторыя для даследавання ўздзеяння радыяцыі на біягеацэнозы, працэсаў самаачышчэння прыродных экасістэм. Атрыманыя дадзеныя неабходны для прагназавання наступстваў доўгачасовага ўздзеяння радыёактыўнага забруджвання на жывую прыроду, планавання гаспадарчай дзейнасці на рэабілітуемых тэрыторыях.

Такім чынам, распрацаваныя навукай і рэалізаваныя дзяржавай мерапрыемствы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС дазволілі вырашыць шэраг найважнейшых задач і перайсці ад рэабілітацыі да адраджэння і сацыяльна-эканамічнага развіцця пацярпелых тэрыторый. Гэтыя арыенціры прадугледжаны ў праекце Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2021–2025 гады. Яны абумоўлены доўгатэрміновым характарам і маштабамі радыёактыўнага забруджвання, якія патрабуюць працягу работ па падтрыманні на дасягнутым узроўні сацыяльнай і радыяцыйнай абароны насельніцтва і забеспячэння жыццядзейнасці з мінімальнымі абмежаваннямі па радыяцыйным фактары.

Рэзюмуючы, можна сказаць, што за тры з паловай дзесяцігоддзі Беларусь прайшла доўгі шлях ад ліквідацыі наступстваў катастрофы да рэабілітацыі і адраджэння пацярпелых ад аварыі тэрыторый. Вопыт, які быў назапашаны за гэты час, сапраўды вельмі цэнны.

С.Г. Шпарло,

Начальнік Дэпартамента

па ліквідацыі вынікаў катастрофы

на Чарнобыльскай АЭС

Міністэрства па надзвычайных

сітуацыях Рэспублікі Беларусь

Другие новости

 

Волшебная книга
Волшебная книга
Моб. приложение
Моб. приложение
Министерство
Законодательство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть