Наперакор Чарнобылю
2 чэрвеня на Веткаўшчыне прайшоў народны аўтэнтычны абрад «Ваджэнне i пахаванне Стралы», які захаваўся да на шых дзён толькi у Веткаўскім і Чачэрскім раёнах Гомельскай вобласці. Чарнобыльская катастрофа нанесла адчувальны ўдар па культуры Гомельшчыны. Насельніцтва вёсак Ліпа, Барталамееўка і іншых было цалкам эвакуявана, іх традыцыi зніклі назаўсёды, а штогадовы абрад «Ваджэнне і пахаванне Стралы» занесены ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Пахаванне стралы – абрад, які здаўна спраўляўся ў старажытнасці на Гомельшчыне ў гонар Пяруна – бога маланак у славянскай мiфалогii з мэтай выклікаць дождж і надаць зямлі ўрадлівасць. «Страла» азначала менавіта маланку.
Перад «Пахаваннем стралы» жанчыны збіраліся і ішлі працэсіяй праз усю вёску. Яны спявалі рытуальныя песні і паступова рухаліся ў бок жытнёвага поля, каб сваімі песнямі адвесці пагрозу пажараў ад пасеваў і накіраваць на іх энергію сонца і дождж, зберагчы вёску ад розных бед.
На ўскраіне поля «стралу» (ляльку з саломы, манеты, гузікі ці іншыя мелкiя прадметы) урачыста хавалi ў зямлю. Там, дзе «пахаванне» святкавалася ў траўні–чэрвені, яно ўспрымалася як развітанне з вясною. У многіх вёсках ляльку, якую закопвалі, звалі Вясна. Пасля гэтага ладзіліся вясёлыя карагоды, спевы і танцы.
Абрад кожны год праводзіцца на праваслаўнае свята Ушэсце, або Узнясенне Гасподняе і адрозніваецца разнастайнасцю песень і тэатралізаваных дзеянняў.