У Добрушы праведзена інфармацыйна-асветніцкае мерапрыемства па фарміраванні радыялагічнай культуры насельніцтва
Добрушскі раён – адзін з найбольш пацярпелых пасля чарнобыльскай катастрофы. За постчарнобыльскія гады зроблена нямала для яго адраджэння. Раён прыгажэе і мяняецца на вачах. Зусім хутка горад Добруш, вядомы з XVI стагоддзя, прымае Дзень беларускага пісьменства. Тут былі заснаваны першыя ў Беларусі папяровая фабрыка (1870 г.) і фарфоравы завод, знакамітым ураджэнцам Добрушскага краю з'яўляецца класік нацыянальнай літаратуры – пісьменнік і драматург Іван Шамякін.
Мерапрыемства арганізавана Беларускім аддзяленнем Расійска-беларускага інфармацыйнага цэнтра па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Навукова-даследчага інстытута пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС Рэспублікі Беларусь (далей – БАРБIЦ) і праведзена 4 жніўня ў гарадскім Доме культуры «Меліяратар». У ім прынялі ўдзел спецыялісты арганізацый райцэнтра, яго жыхары.
Адзначана, што Добруш знаходзіцца ў зоне пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем. Усяго ў гэтай зоне размешчаны 21 населены пункт раёна. У зоне з правам на адсяленне знаходзіцца 8 населеных пунктаў, у зоне наступнага адсялення – адзін (в. Дзям'янкі). Забруджана паўночная палова раёна.
Пасля чарнобыльскай катастрофы было адселена 16 вёсак Добрушскага раёна. У цяперашні час адселеная тэрыторыя складае каля 23 тыс. га. У асноўным – гэта лясны масіў Добрушскага і Шабрынскага лясніцтваў. На гэтых тэрыторыях забараняецца: знаходжанне грамадзян без пропускаў; уезд без пропуску ўсіх відаў транспартных сродкаў; збор дзікарослых раслін, паляванне і рыбалоўства. Картасхема адселеных тэрыторый размешчана па спасылцы. Незаконнае знаходжанне грамадзян у спецыяльна абмежаванай зоне радыёактыўнага забруджвання, а таксама збор грыбоў, ягад, паляванне і рыбалка ў ім караюцца штрафам у памеры ад 5 да 30 базавых велічынь (арт. 16.6 КаАП Рэспублікі Беларусь).
Пры наяўнасці абгрунтаваных мэт на наведванне адселеных тэрыторый неабходна звярнуцца з пісьмовай заявай у Адміністрацыю зон адчужэння і адсялення па Добрушскім раёне па адрасе: г. Добруш, вул. Камарова, 5, будынак пошты, 2-гі паверх (тэл. 8-02333-77238). Узоры заяў для атрымання пропускаў грамадзянамі для наведвання тэрыторый зон радыяактыўнага забруджвання, з якіх адселена насельніцтва і на якіх устаноўлены кантрольна-прапускны рэжым, размешчаны па спасылцы.
У цяперашні час у раёне каля 25 тыс. га сельскагаспадарчых угоддзяў, на якіх вядзецца сельскагаспадарчая вытворчасць, забруджаны цэзіем-137 са шчыльнасцю больш за 1 Кі/км2. Каля 11 % сельскагаспадарчых земляў забруджаны стронцыем-90 са шчыльнасцю больш за 0,3 Кі/км2, таму ў раёне надаецца асаблівая ўвага праблеме атрымання прадукцыі з дапушчальным утрыманнем радыёстронцыя. Адным са шляхоў вырашэння гэтай праблемы стала пераспецыялізацыя найбольш праблемных гаспадарак у напрамку насенняводства, мясной жывёлагадоўлі, якая праведзена ў 2002–2010 гадах.
Асабліва адзначана, што адной з асноўных мэт Дзяржаўнай праграмы па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2021–2025 гады з'яўляецца безумоўнае забеспячэнне патрабаванняў радыяцыйнай бяспекі. У рэспубліцы створана і эфектыўна працуе трохузроўневая сістэма кантролю радыяактыўнага забруджвання.
Дастатковая ўвага надаецца забеспячэнню вытворчасці нарматыўна чыстага малака на асабістых падворках насельніцтва. Органамі дзяржаўнага санітарнага нагляду праводзяцца даследаванні ўтрымання ў прадуктах харчавання прыватнага сектара цэзію-137, а ў малацэ і бульбе адначасова і стронцыю-90. Маніторынг паказаў, што ў малацэ з асабістых падсобных гаспадарак перавышэнне ўтрымання стронцыю-90 рэгістравалася ў населеных пунктах КСУП «Дубовы Лог» з 1998 па 2007 год, а цэзія-137 – у вёсцы Дубовы Лог з 1999 па 2010 год.
За апошнія 10 гадоў перавышэнняў дапушчальнага ўзроўню ўтрымання радыёнуклідаў у малацэ з асабістых падсобных гаспадарак не рэгістравалася. У малацэ, якое паступіла на малаказаводы з прыватнага сектара Добрушскага раёна, утрыманне цэзію не перавышала 37 Бк/л (у 2,7 раза ніжэй за дапушчальнае).
Таксама былі названы прычыны, якія могуць прыводзіць да атрымання малака, якое не адпавядае нарматывам: выпас жывёлы на няўдобіцах, у лясных масівах, на заліўных лугах, поймах рэк – гэта значыць на пашах з высокім каэфіцыентам пераходу радыёнуклідаў у раслiннасць; нарыхтоўка і выкарыстанне кармоў з утрыманнем радыёнуклідаў, якое перавышае дапушчальны ўзровень.
Прадстаўлена інфармацыя аб магчымых шляхах паступлення радыёнуклідаў у арганізм чалавека з дарамі лесу, спосабах зніжэння ўтрымання радыёнуклідаў у грыбах. Было адзначана, што ў адрозненне ад сельскагаспадарчых зямель, на якіх прымяняюцца ахоўныя мерапрыемствы, змяненне радыяцыйнай абстаноўкі ў лясных экасістэмах адбываецца толькі за кошт натуральных працэсаў.
На адміністрацыйнай тэрыторыі Добрушскага раёна размешчаны два лясгасы –Гомельскі (займае асноўную частку тэрыторыі раёна) і Веткаўскі. Тэрыторыя ляснога фонду Добрушскага лясніцтва ў складзе Гомельскага доследнага лясгаса поўнасцю забруджана цэзіем-137. Большая частка лясных кварталаў адносiцца да зон забруджвання 5–15 Кі/км2 і 15–40 Кі/км2. Картасхемы забруджвання цэзіем-137 лясніцтваў гэтых лясгасаў прыведзены на інтэрнэт-сайтах устаноў у раздзелах «Радыяцыйны кантроль».
У лясных кварталах са шчыльнасцю забруджвання 5–15 Кі/км2 збор дзікарослых ягад і грыбоў, сенакос і выпас жывёлы забаронены. Наведванне лясоў з забруджваннем 15–40 Кі/км2 забаронена.
Прадстаўлена інфармацыя аб пунктах радыяцыйнага кантролю, дзе можна праверыць прадукцыю з асабістых падсобных гаспадарак і дары лесу на ўтрыманне цэзію-137.
Удзельнікам мерапрыемства растлумачаны правілы правядзення ёдавай абароны насельніцтва з выкарыстаннем прэпаратаў стабільнага ёду пры радыяцыйных аварыях з выкідам радыёактыўнага ёду.
У раён перададзены шэраг тэматычных выданняў: Нацыянальны даклад Рэспублікі Беларусь «35 гадоў пасля чарнобыльскай катастрофы: вынікі і перспектывы пераадолення яе наступстваў», дапаможнік для настаўнікаў «Асновы радыёэкалогіі і бяспечнай жыццядзейнасці», Атлас сучасных і прагнозных аспектаў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Расіі і Беларусі (электронная версія), падборка інфармацыйных зборнікаў па асновах радыяцыйнай бяспекі для дзяцей малодшага школьнага ўзросту «Кропелька» (№№ 1–14), матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі «30 гадоў пасля чарнобыльскай катастрофы. Роля Саюзнай дзяржавы» і інш.